Гістарычны рэвізіянізм: «польскі імперыялізм супраць Украіны і Беларусі»

Embed

Сёння, мабыць, ужо ўсе чулі жахлівыя рэвізіянісцкія заявы Крамля аб тым, што «Украіна з’яўляецца штучным утварэннем, не з’яўляецца дзяржавай, не мае права на існаванне, павінна быць анэксавана ці стаць падкантрольнай», «украінская культура павінна быць знішчана», «без перамогі не будзе Расіі» і г. д. У гэтым вялікім артыкуле мы звяртаемся да Польшчы і аналізуем прапагандысцкія намаганні Крамля за апошнія некалькі гадоў, іх карані і развіццё, разглядаем прыклады наратываў, мовы і тону ў зменлівым палітычным ландшафце. Нягледзячы на тое, што да лютага 2022 года вербальныя напады і так былі дастаткова сур’ёзнымі, прапаганда супраць Польшчы яшчэ больш узмацнілася пасля таго, як Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну.

«Польшча вінаватая»

У апошнія гады пракрамлёўскія СМІ неаднаразова абвінавачвалі Польшчу ў распрацоўцы розных подлых і агрэсіўных планаў супраць Беларусі і Украіны, характарызуючы яе як імперыялістычную дзяржаву, якая спрабуе аднавіць сваю былую гістарычную славу. На думку пракрамлёўскіх СМІ, Польшча была і застаецца імперыялістычнай краінай і нават пачала Другую сусветную вайну. Такія абвінавачванні з боку Крамля і яго экасістэмы маюць даўнюю гісторыю і спалучаюцца з моцным расійскім рэвізіянісцкім поглядам на гісторыю, які мы разглядаем тут. Абвінавачанні дасягнулі новага ўзроўню — амаль маніі — пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года.

Пазіцыя Польшчы па Беларусі і Украіне — факты

Пасля распаду Савецкага Саюза і камуністычнага блока Польшча была адным з самых актыўных прыхільнікаў незалежных Беларусі і Украіны. З пачатку 1990-х гадоў палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі і Украіны адлюстроўвала так званую дактрыну Гедройца, якая прасоўвае прымірэнне паміж усходнееўрапейскімі краінамі, прадугледжвае поўнае прызнанне пасляваенных польскіх межаў і падтрымку незалежнасці ўсходніх суседзяў (Літвы, Беларусі і Украіны). У польскім грамадстве існуе шырокі палітычны кансэнсус адносна гэтай дактрыны, таксама яна ўкаранілася ў знешняй палітыцы Польшчы. Згодна з ёй, моцныя, незалежныя і квітнеючыя Украіна і Беларусь забяспечваюць найлепшыя параметры бяспекі не толькі для Польшчы, але і для ўсяго рэгіёну. На працягу дзесяцігоддзяў Польшча паслядоўна падтрымлівала імкненне ўкраінцаў і беларусаў жыць у сваіх суверэнных і незалежных дэмакратычных дзяржавах, здольных вырашаць свой лёс без знешняга ўмяшання, ціску ці гвалту.

Падрабязней пра ўсходнюю палітыку Польшчы чытайце тут.

Крамлёўскі рэцэпт: стварыць напружанасць

Як мы ўжо расказвалі тут, Крэмль імкнецца выкарыстоўваць, ствараць або паглыбляць рознагалоссі ўнутры еўрапейскіх грамадстваў, вынаходзячы эмацыйныя або адчувальныя тэмы, звязанымі з культурай ці гістарычнай памяццю, або маніпулюючы імі.

Тактыка Крамля выбарачна выкарыстоўваць адчувальныя гістарычныя эпізоды паміж дзвюма краінамі відавочная ў выпадку Валынскай разні 1943-1945 гадоў, якую Крэмль актыўна выкарыстоўвае для стварэння напружанасці паміж Украінай і Польшчай.

Тая самая тактыка выкарыстоўвалася ў красавіку 2022 года, калі разня расійскіх войскаў у Бучы прыцягнула міжнародную ўвагу да Масквы. Польшча стала аб’ектам дэзінфармацыйнай і маніпуляцыйнай кампаніі з відавочнай мэтай адцягнуць увагу ад зверстваў Расіі і выклікаць грамадскую незадаволенасць украінцамі. Распаўсюджваліся ілжывыя сцвярджэнні, напрыклад, пра тое, што ўкраінцы масава злоўжываюць прывілеямі, якія даюцца бежанцам, і што польскае грамадства знаходзіцца пад пагрозай «украінізацыі». Такія сцвярджэнні суправаджаліся хэштэгам #StopUkrainizacjiPolski (#StopUkrainisationof Poland).

Кампанія па адцягненні ўвагі насельніцтва ўзмацнілася пасля інцыдэнту ў Пшэводуве 15 лістапада 2022 года, калі ўкраінская ракета СПА, якая адбіла атаку Расіі, прызямлілася на тэрыторыі Польшчы, у выніку чаго загінулі два чалавекі. Гэты інцыдэнт быў выкарыстаны Масквой, якая хацела стварыць гнеўны настрой у Польшчы супраць Украіны. Глядзіце наш аналіз тут; глядзіце таксама праведзенае Фондам «Цэнтр імя прафесара Браніслава Герэмека» даследаванне ненавісніцкіх наратываў, закліканых распаліць негатыўныя эмоцыі, або даклад арганізацыі Demagog — польскай фактчэкінгавай арганізацыі, якая штомесяц публікуе даклады па антыўкраінскай прапагандзе ў польскіх сацыяльных сетках.

Шматлікія заявы з Масквы

Найвышэйшыя расійскія чыноўнікі, такія як Пуцін і міністр замежных спраў Лаўроў, працягваюць сцвярджаць, што Польшча плануе анэксаваць Заходнюю Украіну. Польшча малюецца як галоўная пагроза дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, у той час як дзеянні Расіі быццам з’яўляюцца цалкам легітымнымі і нават «дружалюбнымі».

Ключавымі элементамі маніпулявання з боку Масквы з’яўляюцца наступныя:

«Як Варшава наважваецца кідаць выклік Сталіну?»

Афіцыйны расійскі наратыў быў падсумаваны Пуціным у снежні 2022 года. Паводле яго слоў, «нацыяналістычныя» элементы ў Польшчы мараць вярнуць сабе заходнія землі, якія Украіна атрымала дзякуючы рашэнням Сталіна пасля Другой сусветнай вайны. Расія малюецца як адзіны рэальны гарант тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе цяперашніх межах. Такім чынам Пуцін відавочна спрабуе ўбіць клін паміж Кіевам і Варшавай з’яўляецца відавочнай.

Абарона (але фактычна прысваенне) спадчыны Другой сусветнай вайны і дасягнутага пасля яе балансу — улюбёная тэма Крамля. Гэта ўзмацняе імідж сучаснай Расіі як адзінай спадкаемніцы статусу вялікай дзяржавы СССР і дае магчымасць абвінаваціць іншых у жаданні разбурыць гэты баланс і ўскосна стварыць хаос і нестабільнасць. За кошт гэтага Расія таксама заяўляе аб сваім праве лічыцца галоўнай ахвярай вайны, не зважаючы на той факт, што іншыя краіны, такія як Польшча ці Украіна, у адносным выражэнні пацярпелі мацней, іх тэрыторыі былі цалкам акупаваны, а мільёны жыхароў — забіты.

Каментар Пуціна аб распадзе Савецкага Саюза як аб «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофе XX стагоддзя» адпавядае гэтым прынцыпам, як і ўваскрашэнне Сталіна ў якасці героя ў сённяшняй Расіі.

«Польшча — імперыялістычная дзяржава, а мы — не»

Як паказвае наша база даных, Польшча пастаянна становіцца аб’ектам пракрамлёўскай дэзінфармацыі. Прыкметнае месца займаюць дэзінфармацыйныя заявы пра нібыта «агрэсіўную» ці «імперыялістычную» палітыку ў дачыненні да Украіны. Як мяркуецца, гэта палітыка накіравана і супраць Беларусі, аб чым сведчыць гэты прыклад.

Замест таго, каб прадставіць якія-небудзь доказы меркаванага імперыялізму Польшчы, пракрамлёўскія СМІ проста прыпісваюць Польшчы тыя ж планы і дзеянні, якія Масква рэалізуе супраць сваіх суседзяў. Такім чынам, згодна з пракрамлёўскай прапагандай, Польшча прасоўвае агрэсіўную геапалітычную канцэпцыю «польскага свету», ажыццяўляе свой уласны «Дранг нах Остэн», спрабуе акружыць Расію «санітарным кардонам», фальсіфікуе гісторыю Беларусі і Украіны, каб апраўдаць свае прэтэнзіі на гэтыя краіны, і, нарэшце, стаіць на парозе прамой анэксіі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Усе гэтыя неабгрунтаваныя сцвярджэнні з’яўляюцца прамым адлюстраваннем цяперашніх дзеянняў Расіі супраць Беларусі і Украіны.

У 2020–2021 гадах падкантрольнае дзяржаве расійскае выданне Sputnik Polska падрыхтавала глебу для цяперашняй антыпольскай «імперыялістычнай» істэрыі, прасоўваючы некалькі «экспансіянісцкіх» наратываў аб Польшчы:

«Польшча — экспансіянісцкая і імперыялістычная дзяржава»

Паводле Sputnik, польскія ўлады апанаваны ідэяй узнаўлення «сучаснай Польскай імперыі», зрабіўшы Беларусь і Украіну сваімі васаламі і адпомсціўшы за паразы папярэдніх стагоддзяў. Польская «дактрына Гедройца» ілжыва паказваецца як версія польскага імперыялізму, накіраваная на тое, якая імкнецца вырваць Беларусь са сферы ўплыву Расіі. На думку Крамля, нават падчас пандэміі кавіду і магчымага «апакаліпсісу» Польшча глядзіць на свет праз ідэі Юзафа Пілсудскага, спрабуючы адабраць Беларусь і Украіну ў Расіі.

«Польшча стварае антырасійскі “санітарны кардон”»

Згодна з гэтай лініяй, Варшава паслядоўна спрабуе стварыць антырасійскі «буфер» ці «санітарны кардон». Ініцыятыва ЕС «Усходняе партнёрства» (УП) або польская «Ініцыятыва трох мораў» разглядаюцца як праекты, што маюць антырасійскія мэты і прасоўваюць польскія «экспансіянісцкія» інтарэсы. Напрыклад, «Усходняе партнёрства» нібыта з’яўляецца адлюстраваннем польскай геапалітычнай канцэпцыі «санітарнага кардону», польскім інструментам па вяртанні былых земляў Першай Рэчы Паспалітай пры садзейнічанні Бруселя. Акрамя таго, у Польшчы балючая гісторыя і «хворыя амбіцыі», таму польскія эліты прасоўваюць свае экспансіянісцкія планы праз «Ініцыятыву трох мораў». Тут вы можаце знайсці праўдзівыя факты пра «Ініцыятыву трох мораў», якія абвяргаюць прыведзеныя вышэй сцвярджэнні.

«Польшча рэалізуе праекты “Польскі свет” і “Вялікая Польшча”»

Расійскае дзяржаўнае выданне Sputnik таксама прыдумала канцэпцыю «Польскі свет», якая з’яўляецца прамой адсылкай да ідэалагічнай канцэпцыі «рускага свету» («русского міра»). Гэты фактычна расійскі дзяржаўны інстытут, які займаецца «абаронай суайчыннікаў, што жывуць за мяжой», таксама выкарыстоўваецца Крамлём для апраўдання расійскага экспансіянізму. Згодна з гэтым сцвярджэннем, Польшча распрацавала «геакультурную стратэгію», каб уцягнуць Украіну ў свой праект «Вялікая Польшча» — стратэгію, якая з’яўляецца часткай няпісанага «польскага свету». Польшча нібыта рэалізуе сваю стратэгію «польскага свету» праз раздачу так званай «карты паляка» (Karta Polaka) людзям, якія жывуць у суседняй дзяржаве, і праз працоўную міграцыю з Украіны ў Польшчу. Sputnik назваў карту паляка «інструментам гібрыднай вайны» і сцвярджае, што яе мэта — дэстабілізаваць Беларусь.

Гэты спосаб мыслення з’яўляецца відавочным адлюстраваннем расійскай палітыкі ахвотнай раздачы расійскіх пашпартоў у апошнія гады, асабліваграмадзянам Грузіі і Украіны, з тонка завуаляванай мэтай нашкодзіць гэтым дзяржавам заявамі пра «права Расіі на абарону суайчыннікаў».

Факты: насамрэч карта паляка — гэта перш за ўсё культурны інструмент. Уладальнік карты паляка не мае выбарчых правоў (бо чалавек не з’яўляецца грамадзянінам Польшчы), але мае права на бясплатнае навучанне ў польскіх дзяржаўных універсітэтах і на медыцынскае страхаванне. На падставе карты паляка яе ўладальнік можа таксама падаць заяву на атрыманне пастаяннага віду на жыхарства і дазволу на працу. Больш падрабязную інфармацыю пра карту паляка чытайце на афіцыйным сайце.

Гістарычныя рэвізіянісцкія заявы

У апошнія гады пракрамлёўскія СМІ неаднаразова абвінавачвалі Польшчу ў гістарычных злачынствах і фальсіфікацыі «сапраўднай гісторыі» Беларусі і Украіны. Большасць гэтых абвінавачанняў заснавана на сцвярджэнні, што Беларусь і Украіна «да ўключэння ў Расійскую імперыю не мелі ўласнай гісторыі». Расія паслядоўна ігнаруе той факт, што ўлада Масквы над гэтымі тэрыторыямі была ўсталявана толькі ў канцы XVIII стагоддзя і што раней гэтыя тэрыторыі не мелі ніякай сувязі з Маскоўскай дзяржавай. Што тычыцца гісторыі пачатку ХХ стагоддзя, то Sputnik высунуў наступныя сцвярджэнні: у 1921 годзе тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі былі «адарваны» ад Расіі і адышлі Варшаве; на гэтых тэрыторыях пражывала пераважна «рускамоўнае» насельніцтва; у 1939 годзе СССР вярнуў сабе гэтыя тэрыторыі, дзе Польшча развязала «сапраўдны генацыд».

Такім чынам, пракрамлёўскія СМІ прасоўваюць сваю гістарычную мантру аб тым, што Украіна і Беларусь заўсёды належалі расійскай дзяржаве і, значыць, неаддзельныя ад Масквы.

«Польшча плануе анэксаваць тэрыторыю Заходняй Украіны»

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну пракрамлёўскія СМІ і найвышэйшыя расійскія чыноўнікі актывізавалі свае намаганні па распаўсюджванні ўсіх магчымых дэзінфармацыйных заяў, звязаных з нібыта «імперыялістычнымі і экспансіянісцкімі» планамі Польшчы ў дачыненні да Украіны. Згодна з найбольш папулярным сцвярджэннем, Польшча плануе анэксаваць Заходнюю Украіну, пры чым гэтае сцвярджэнне можа прымаць розныя формы (Польшча плануе вярнуць страчаныя гістарычныя тэрыторыі і аднавіць свой статус «вялікай дзяржавы»; Польшча разглядала падзел Украіны ў пачатку канфлікту; Польшча хоча інкарпараваць Заходнюю Украіну з дапамогай місіі НАТА і г. д.).

Крыніца: скрыншот з рэпартажу галоўнага расійскага дзяржаўнага тэлеканала «Расія 1»

Падзяліць Украіну на чатыры-пяць частак

На сайце EUvsDisinfo мы задакументавалі некалькі дзясяткаў падобных выпадкаў дэзінфармацыі з мэтай абвінаваціць Польшчу ў экспансіянісцкіх планах у дачыненні да Украіны. Гэтыя заявы адлюстроўваюць канчатковае геапалітычнае жаданне Крамля: Украіна павінна быць падзелена паміж Расіяй, Польшчай, Венгрыяй і Румыніяй, у той час як «рэшткі Украіны», сканцэнтраваныя вакол Кіева, павінны стаць ампутаванай марыянеткавай дзяржавай без выхаду да мора, якая фактычна будзе знаходзіцца пад кантролем Расіі. Пракрамлёўскія СМІ рэгулярна публікуюць карты гэтага «падзелу». Аднак Крэмль не змог знайсці «партнёраў» для такога злачыннага дзеяння, таму Масква вырашыла дзейнічаць у адзіночку.

Крыніца: OKO.press

«Польшча вінаватая ў вайне» — перапісванне гісторыі Другой сусветнай вайны

За апошнія гады ключавыя расійскія дзяржаўныя СМІ ўзнялі на сцягі, мабыць, самы магутны мабілізуючы фактар у сучаснай пуцінскай Расіі: гісторыю Другой сусветнай вайны і маніпулятыўнае выкарыстанне яе эмацыйных старонак, уключаючы адкрытую хлусню. Аднаўленне рэпутацыі Іосіфа Сталіна і абяленне злачынстваў, учыненых падчас яго праўлення, набіралі тэмп пачынаючы з 2009 года, а ў 2012 годзе, калі Пуцін вярнуўся на пасаду прэзідэнта пасля працы на пасадзе прэм’ер-міністра, пра Сталіна ўжо ў асноўным станоўча адгукаліся ў палітычных прамовах.

Сталін і яго абыходжанне з Польшчай з’яўляюцца асабліва далікатным пытаннем. Чым больш афіцыйная Расія заклікае да праслаўлення Сталіна і Чырвонай Арміі, тым больш правакацыйна гэта ўспрымаецца ў Польшчы.

У 2005 годзе Пуцін пачаў пераацэньваць і неўзабаве хваліць сумна вядомы пакт Молатава-Рыбентропа. Сцвярджаючы, што ён быў неабходны для абароны СССР, Пуцін замоўчваў той факт, што ён падзяліў Польшчу паміж Гітлерам і Сталіным і прадугледжваў напад на Польшчу спачатку нацысцкіх войскаў з захаду, а потым Чырвонай Арміі з усходу. Відавочна, што гэта было вельмі дрэнна ўспрынята ў Польшчы. Спроба Пуціна ў 2019 годзе абвінаваціць Польшчу ў развязванні Другой сусветнай вайны з’яўляецца яшчэ адной важнай падзеяй, што пазначыла новае дно ў абвінавачаннях з боку Масквы.

Называць напад Чырвонай Арміі на Польшчу «пачаткам вызвалення», як гэта прынята ў пракрамлёўскіх СМІ з 2021 года, — гэта ўсё роўна што сыпаць соль на адкрытую рану. Рашэнне Сталіна не аказваць дастатковую дапамогу польскай Арміі Краёвай і спыніць Чырвоную Армію падчас Варшаўскага паўстання ў 1944 годзе, дазволіўшы гітлераўскім сілам задушыць яго, разглядаецца як яшчэ адна здрада ў дачыненні да Польшчы і польскага народа.

Яшчэ адной абразай з’яўляецца меркаванне, што Польшча натхніла нацыстаў на будаўніцтва канцлагераў, як гэта сцвярджалі блізкія да Крамля СМІ ў 2020 годзе.

Ад прызнання злачынства да катэгарычнага адмаўлення: Катынскі расстрэл

Катынскі расстрэл 22 000 польскіх афіцэраў, інтэлігенцыі і грамадзян у сакавіку 1940 года, арганізаваны савецкім НКУС, з’яўляецца важнай вяхой Другой сусветнай вайны, але ён таксама стаў пэўнай ілюстрацыяй таго, як сучасная расійская гісторыя вагаецца нібы маятнік. Колькасць польскіх ахвяр жахае, а Катынскі расстрэл быў упершыню прызнаны ў 1990 годзе савецкім лідэрам Міхаілам Гарбачовым. Расійскія праваабаронцы падтрымалі працу па дакументаванні ахвяр і папаўненні спісу польскіх грамадзян, рэпрэсаваных СССР.

У 1992 годзе прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын прадставіў афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць адказнасць Савецкага Саюза за Катынскі расстрэл, тагачаснаму прэзідэнту Польшчы Леху Валенсе. Аднак з прыходам да ўлады Пуціна сітуацыя пачала вяртацца да даельцынскіх наратываў. У 2010 годзе пасля цырымоніі, прысвечанай масавым расправам, на якой Пуцін фактычна прызнаў адказнасць Сталіна і савецкай сістэмы, ён выказаў меркаванне, што Сталін меў свае прычыны дазволіць НКУС забіць так шмат людзей. З 2016 года ў дзяржаўных і пракрамлёўскіх СМІ пануе катэгарычнае адмаўленне савецкай адказнасці ў стылі «гэта, мусіць, былі нацысты, а не НКУС».

Яшчэ адно актуальнае сцвярджэнне: паводле даных іншых пракрамлёўскіх СМІ, Гарбачоў і Ельцын былі агентамі ЦРУ.

…А зараз Беларусь: «польскія імперыялістычныя планы ў дачыненні да Беларусі»

Сцвярджаецца, што Беларусь з’яўляецца яшчэ адной важнай мішэнню для «імперыялістычнай» Польшчы. У лістападзе 2022 года выданне «Sputnik Беларусь» згадала гіпатэтычны сцэнарый захопу Польшчай украінскіх тэрыторый. У выніку «межы Беларусі з Польшчай і НАТА стануць даўжэйшымі», што падштурхне польскіх нацыяналістаў да далейшых крокаў і створыць пагрозу заходняй Беларусі. У іншым артыкуле сцвярджаецца, што Польшча разглядае магчымасць сумеснай польска-літоўскай вайсковай інтэрвенцыі ў Беларусь.

Заявы пра меркаваныя планы Польшчы па захопе заходніх частак Беларусі рэгулярна агучвае беларускі правіцель Лукашэнка. Падчас сваёй сустрэчы з Пуціным у траўні 2022 года ён заявіў: «Нас турбуе тое, што яны гатовы, палякі і НАТАўцы, выйсці, дапамагчы такім чынам забраць, як да 1939 года, Заходнюю Украіну (…) Гэта таксама іх стратэгія па Заходняй Беларусі».

Беларускі правіцель час ад часу сцвярджае, што прэтэнзіі Польшчы распаўсюджваюцца значна далей: «Ім патрэбна ўжо ўся Беларусь, а не толькі “ўсходнія крэсы”», — заявіў ён у сваім звароце да нацыі ў студзені 2022 года. Нядаўнім прыкладам наратыва Лукашэнкі аб «агрэсіўнай Польшчы» стала яго размова з групай журналістаў 16 лютага 2023 года, у якой ён раскрытыкаваў слова «ўварванне» і настойваў на тым, што напад Расіі на Украіну быў спробай Масквы абараніць сябе, а таксама Украіну. «Я маю на ўвазе вашыя замашкі рукамі палякаў адхапіць Заходнюю Украіну», — сказаў ён. Такім чынам, уварванне Расіі ва Украіну апраўдваецца дэзінфармацыйным наратывам аб тым, што Расія імкнецца абараніць Украіну ад агрэсіі Польшчы.

Усё гэта прыводзіць да высновы: «ЗША — галоўны натхняльнік»

Да прэтэнзій у дачыненні да Польшчы дадаецца стандартная лінія Крамля: ЗША з’яўляюцца натхняльнікам усяго і кіруюць іншымі дзяржавамі як васаламі Вашынгтона. Падставай для гэтага з’яўляецца яшчэ адзін пастаянны наратыў пра «згублены суверэнітэт», і гэты класічны прыклад датычыцца Польшчы. Увесь ЕС знаходзіцца пад кантролем Амерыкі, і таму толькі Расія з’яўляецца месцам для людзей, якія жадаюць жыць у свабодзе.

Прырода дэзінфармацыі — вырошчваць насенне падчас канфлікту

У студзені 2021 года ў артыкуле «Давайце ненавідзець Польшчу» мы прааналізавалі пастаянную лінію абвінавачанняў Польшчы на прыкладах, якія сыходзяць каранямі ў глыб расійскай гісторыі.

Цыклічны характар дэзінфармацыі падобны да штодзённай кроплі атруты, якая фармуе ментальны ландшафт шматлікіх мэтавых груп. Гэта стымулюе ўзнікненне з цягам часу базавай канцэпцыі «агрэсіўнага Захаду» або сее насенне па меншай меры скептычнага падыходу да палітыкі Захаду, у дадзеным выпадку да польскага ўрада.

Гэту ўрадлівую глебу сталі ўрабляць яшчэ больш інтэнсіўна пасля поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе. Да апрабаваных і правераных наратываў дадаліся новыя, якія заяўляюць пра адказнасць Захаду за вайну і спекулююць на тэму «польскай агрэсіі». Старыя штампы ўзмацняюцца з лютага 2022 года (паралельны эфект, які выкарыстоўвае старыя штампы, апісаны тут).

Погляд на гістарычны рэвізіянізм

Вайна Расіі супраць Украіны ўзмацняе эмоцыі і стварае рознагалоссі, дзе дэзінфармацыя дзейнічае як клін, накіраваны на раскол грамадстваў. Крамлёўскія маніпуляцыі і гістарычны рэвізіянізм, накіраваныя ў першую чаргу на польскае грамадства, яшчэ больш узмацніліся, напэўна, з-за той магутнай падтрымкі, якую Польшча прапанавала Украіне і яе народу, што шукае прыстанішча ў Польшчы. Такім чынам, мэта гэтага гістарычнага рэвізіянізму палягае ў тым, каб падарваць падтрымку і рашучасць заходніх грамадстваў, якія намагаюцца супрацьстаяць расійскаму выкліку і дапамагаць Украіне.

У суседняй Украіне расійскі гістарычны рэвізіянізм ляжыць у аснове і становіцца спадарожнікам заклікаў да генацыду або знішчэння. Гэта стымулюе зверствы расійскіх салдат на полі бою або спрыяе прыняццю грамадствам расійскіх дывановых абстрэлаў і ракетных бамбардзіровак мірных жыхароў.

ПРАВАВАЯ АГАВОРКА

База даных EUvsDisinfo складаецца з паведамленняў у міжнароднай інфармацыйнай прасторы, якія даюць няпоўнае, скажонае або ілжывае ўяўленне аб рэчаіснасці і распаўсюджваюць ключавыя пракрамлёўскія ідэі. Аднак гэта не абавязкова азначае, што адпаведнае выданне звязана з Крамлём ці ягоная рэдакцыя з'яўляецца пракрамлёўскай або што яно наўмысна імкнулася дэзінфармаваць сваю публіку. Публікацыі EUvsDisinfo не адлюстроўваюць афіцыйную пазіцыю ЕС, паколькі інфармацыя і выказаныя меркаванні заснаваныя на паведамленнях СМІ і аналізе аператыўнай групы East Stratcom.

    ПАДЗЯЛІЦЕСЯ З НАМІ СВАІМ ВОДГУКАМ

    Інфармацыя аб абароне даных *

      Subscribe to the Disinfo Review

      Your weekly update on pro-Kremlin disinformation

      Data Protection Information *

      The Disinformation Review is sent through Mailchimp.com. See Mailchimp’s privacy policy and find out more on how EEAS protects your personal data.