Read this article in EN RU BY

Дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі – 27 лістапада

26 лістапада, 2022

27 лістапада адзначаецца Сусветны дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Колькасць палітвязняў застаецца адной з відавочных прыкметаў дыктатуры. У Беларусі іх зараз каля 1450.

Мы рэгулярна публікуем сабраныя тут абноўленыя дадзеныя аб тым, як прапаганда і маніпуляцыі мінскага рэжыму ствараюць скажонае і ілжывае ўяўленне пра яго палітычных праціўнікаў. Мы публікавалі агляды падзеяў у Беларусі для праваабаронцаў 9 жніўня і 17 лютага.

Усё горш і горш

Увага ўсяго свету засяроджана на вайне ва Украіне, у тым ліку на тым, як Лукашэнка дапамагаў Пуціну арганізоўваць атакі Расіі. Тым часам сытуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца. Спісы «тэрарыстаў» ці «экстрэмістаў», спансаваная дзяржавай хлусня, цэнзура і падаўленне свабодных СМІ, відэаролікі з «прызнаннямі», жорсткае абыходжанне ў месцах утрымання пад вартай і суровыя турэмныя тэрміны – вось лексікон грубай і жорсткай мовы дыктатуры.

Казаць пра Беларусь і палітвязняў – гэта пералічваць імёны. Гэтыя спісы складаюць жывыя людзі, звычайныя дарослыя, чыё жыццё раптоўна прыпынілася. Многія асуджаныя за звычайныя дзеянні: удзел у анлайн-чатах і дыскусіях, публічнае выказванне свайго меркавання ці ўдзел у мірных акцыях пратэсту альбо сходах. Сістэма Лукашэнкі настолькі паранаідальная, што часам дастаткова проста насіць бела-чырвоныя колеры (ідэнтычныя колерам гістарычнага беларускага сцяга), каб патрапіць у турму.

Палітычныя групы ў турме

З-за дзеянняў рэжыму практычна ўсе апазіцыйныя групы і іх прадстаўнікі аказваюцца ў выгнанні, турме ці жывуць пад пастаяннай пагрозай пераследу. Гэтыя рэпрэсіі ўзмацніліся пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўдарылі па апазіцыйных кандыдатах, такіх як Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і іншыя вядомыя дзеячы. З канца кастрычніка 2022 года завочна распачаты справы супраць жонкі Сяргея і лідара дэмакратычнай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, а таксама Каардынацыйнага савета.

Выказванне меркаванняў у інтэрнэце

У Беларусі хапала цяжкасцяў да 24 лютага 2022 года – дня поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Але вайна супраць Украіны далёка не папулярная сярод простых беларусаў, і антываенная дзейнасць з лютага стала адной з галоўных прычын палітычнага пераследу. Шматлікія палітычныя судовыя працэсы ў Беларусі былі звязаныя з дзеяннямі беларусаў па перашкаджэнні перамяшчэнню расійскіх войскаў праз тэрыторыю Беларусі, удзелам у антываенных пратэстах ці проста крытычнымі выказваннямі ў інтэрнэце на гэтую тэму. Улады каралі людзей працяглымі тэрмінамі турэмнага зняволення, што падобна да сітуацыі ў самой Расіі.

Незалежныя СМІ паведамляюць, што беларускі рэжым пашырае магчымасці сачэння ў інтэрнэце. Мінскі рэжым працягвае пераследваць блогераў у Telegram, YouTube, Instagram, Аднакласніках і TikTok, а таксама адсочвае практычна ва ўсіх папулярных сацыяльных сетках наяўнасць крытычнага ці проста несанкцыянаванага кантэнту. Працягваюцца судовыя працэсы над людзьмі, якія размяшчаюць антываенны кантэнт на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Каналы Telegram, кіраваныя рэжымам, увесь час заклікаюць людзей не ўзаемадзейнічаць з незалежнымі СМІ і пагражаюць ім судовым пераследам і нават смяротным пакараннем.

Узвядзенне сцяны з «чорных спісаў», заблакаваных сайтаў і зняволеных рэдактараў

Лёс беларускіх палітвязняў вызначаюць два спісы: «экстрэмісцкі» і «тэрарыстычны».

За апошнія месяцы беларускі рэжым дадаў каля 1000 новых імёнаў у свой спіс меркаваных «экстрэмістаў». Па стане на канец лістапада ў спісе МУС налічваецца каля 1900 чалавек.

Яшчэ адзін спіс беларускага КДБ, «тэрарыстычны», налічвае каля 1000 чалавек. У гэты спіс дадаюцца асобы, якія ўжо арыштаваныя і знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах.

Улады нядаўна дадалі ў спіс «тэрарыстаў» двух журналістаў найбуйнейшага незалежнага анлайн-выдання Беларусі tut.by. Гэта Людміла Чэкіна, былы генеральны дырэктар выдання, якая знаходзіцца ў зняволенні з мая 2021 года, і Марына Золатава, былы галоўны рэдактар. У спісе знаходзяцца яшчэ чатыры былыя супрацоўнікі tut.by.

Акрамя таго, мінскі рэжым дадаў сайт Беларускага расследвальніцкага цэнтра, вядучай ініцыятывы ў галіне журналісцкіх расследаванняў, у спіс забароненых у Беларусі сайтаў. Сярод нядаўна ўнесеных у спіс таксама галоўны рэдактар ​​газеты «Новы час» Аксана Колб.

Кароткі агляд іншых апошніх кейсаў

Магчыма, найлепшы спосаб адзначыць Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі – зрабіць агляд іншых спраў апошніх тыдняў і дазволіць ім казаць самім за сябе.

  • Станіслаў Кузьміцкі быў унесены ў «тэрарыстычны» спіс і прыгавораны да 15 гадоў калоніі строгага рэжыму за адміністраванне апазіцыйных чатаў у Telegram.
  • Прафсаюзны актывіст Андрэй Ханевіч прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі за «дыскрэдытацыю Беларусі» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Справа была ўзбуджаная пасля размовы Ханевіча з журналістам тэлеканала «Белсат», які працуе ў Польшчы.
  • 27-гадовага адміністратара Вадзіма Васільева судзілі за зачыненымі дзвярыма і прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўлення волі за кіраванне папулярнымі сярод пратэстоўцаў Telegram-каналамі.
  • Ужо з’яўляючыся палітвязнем, Сяргей Глебка быў унесены ў «тэрарыстычны» спіс і асуджаны на дадатковыя 11 гадоў пазбаўлення волі.
  • Сяргею Сацуку, ўжо зняволенаму галоўнаму рэдактару і журналісту-расследавальніку газеты «Ежедневник», па палітычна матываванай справе прысудзілі дадатковыя 8 гадоў пазбаўлення волі.
  • Аляксандра Петушкова прыгаварылі да 7,5 гадоў пазбаўлення волі і ўнеслі ў «тэрарыстычны» спіс за анлайн-каментары пра пратэсты ў Казахстане.
  • 20-гадовага Сяргея Рабцава асудзілі на 6,5 гадоў за каментары на інтэрнэт-сайтах.
  • Эдуарда Ісаева пасадзілі ў турму на 3,5 гады за «лайк» пад пастом з крытыкай беларускага рэжыму ў расійскай сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».
  • Крысціну Чаранкову прыгаварылі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі за каментары, у тым ліку супраць вайны ва Украіне, на яе старонцы ў Instagram.
  • 68-гадовы Аляксандр Патапаў, чый пляменнік загінуў пры абстрэле Кіева рускімі (пры гэтым была цяжка параненая 3-гадовая дачка яго пляменніка), атрымаў 2 гады калоніі за размяшчэнне двух каментароў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», якія былі прызнаныя «абразлівымі» у дачыненні да Лукашэнкі.
  • Журналіст Аляксандр Любянчук прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «экстрэмізме», паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
  • Палітычны і ваенны эксперт і блогер Ягор Лябядок знаходзіцца ў ізалятары ў чаканні суду за сваё інтэрв’ю аб расійскім уварванні ва Украіну па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
  • Дар’я Лосік – жонка блогера і палітвязня Ігара Лосіка, асуджанага па выніках закрытага палітычна матываванага судовага працэсу на 15 гадоў пазбаўлення волі. Ёй прад’явілі абвінавачанне ў «садзейнічанні экстрэмізму» за каментар тэлеканалу «Белсат».

Сачыце за зменамі спісу і даведвайцеся больш пра беларусаў, якіх пераследуюць, і іх гісторыі на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна» і сачыце за адпаведнай палітыкай і дзеяннямі ЕС тут.

Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, заснаваў «Вясну» ў 1996 годзе. Ён таксама знаходзіцца ў турме ў Беларусі. Другі раз Бяляцкі быў зняволены ў 2021 годзе, пасля таго як ужо правёў чатыры гады ў якасці палітвязня (2011-2014). Набліжаецца 10 снежня, калі ў Осла адбудзецца цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі, і Алесь Бяляцкі застанецца за кратамі, як і тысячы іншых беларусаў, якія падвяргаюцца палітычнаму пераследу.