Свабода прэсы – гэта наша свабода
Журналісты распавядаюць аб дэзынфармацыі і яе небяспецы.
Частка 1: Беларусь
Журналістыка, якая заслугоўвае даверу, – гэта аснова дэмакратычнага грамадства. У Сусветны дзень свабоды прэсы EUvsDisinfo распачынае шэраг артыкулаў, што даюць слова незалежным журналістам краін Усходняга партнёрства. Частка 1. Беларусь.
Беларускія дзяржаўныя медыя і пракрамлёўскія СМІ праводзяць поўнамаштабную кампанію супраць незалежных журналістаў, называючы іх “экстрэмістамі”, “замежнымі агентамі” альбо “агентамі хаосу”. І ўсё гэта – за тое, што журналісты проста робяць сваю працу і паказваюць свету сітуацыю ў Беларусі. EUvsDisinfo паразмаўляў з трыма журналістамі з Беларусі: Павел Быкоўскі – журналіст і медыяэксперт, Аліна Коўшык – журналістка і тэлевядучая Belsat, Ганна Любакова – журналістка і кансультантка Atlantic Council.
Першапачаткова ніхто з іх не планаваў стаць журналістам. Ганна Любакова працавала ў галіне гісторыі мастацтваў. Аліна Коўшык хацела быць выкладчыкам універсітэта. Павел Быкоўскі пачаў журналісцкую кар’еру рана, яшчэ ў школе, але бачыў у ёй, галоўным чынам, спосаб задавальняць асабістую цікаўнасць. У рэшце рэшт, усе трое пагрузіліся ў журналісцкую прафесію і больш ніколі не азіраліся назад, нягледзячы на тое, што падчас працы сутыкаліся са значнымі выклікамі.
Што з’яўляецца найбольшым выклікам для журналіста ў Беларусі?
Ганна Любакова:
Хто мог уявіць, што ў 2020-ым рызыкоўным стане ўсё, што насуперак рэжыму. Мы пераканаліся ў тым, што інфармацыя – гэта і даспехі, і зброя.
Павел Быкоўскі:
Падчас палітычнага крызісу ў Беларусі зрабілася складана працаваць «у полі», бо на несанкцыянаваных акцыях камізэлька з надпісам «Прэса» не ратуе ад затрымання.

Павел Быкоўскі, журналіст і медыяэксперт.
Што такое дэзынфармацыя?
Павел Быкоўскі:
Дэзынфармацыя – свядомы распаўсюд хлуслівай інфармацыі з мэтай аказання ўплыву на грамадскае меркаванне або палітыку. Чыстая дэзынфармацыя сустракаецца рэдка. Часцей даводзіцца бачыць вырваныя з кантэксту факты, «кавалачак праўды», які інтэрпрэтуецца на карысць аратара. У савецкай, а цяпер і сучаснай дзяржаўнай журналістыцы ў Беларусі факты звычайна не аддзяляюцца ад меркаванняў, таму могуць суседнічаць факты і домыслы, якія выдаюцца за факты. Такі самы падыход ёсць у частцы недзяржаўных медыя.
Аліна Коўшык:
Дэзынфармацыя – гэта не толькі ілжывая інфармацыя, якая уводзіць у зман, гэта і сітуацыя, калі не хапае надзейнай інфармацыі. Гэта таксама тэндэнцыйна выбраныя факты, якія будуюць іншую рэчаіснасць.

Аліна Коўшык, журналістка і тэлевядучая Belsat.
Якую шкоду можа нанесцi дэзынфармацыя?
Павел Быкоўскі:
Аўдыторыя можа стаць ахвярай маніпуляцыі і падтрымліваць шкодныя для сябе дзеянні, або будзе схільная апраўдваць прычыненне шкоды асобным людзям, групам або арганізацыям – іншадумцам, меншасцям і гэтак далей. Часам дэзынфармацыя правакуе людзей на пэўныя агрэсіўныя дзеянні, а часам – наадварот уганяе ў апатыю, каб людзі і не думалі адстойваць свае інтарэсы.
Ганна Любакова:
2020-ы паказаў на глабальным узроўні, наколькі дэзынфармацыя, хлусня, маніпуляцыі не проста небяспечныя, а смяротна небяспечныя. Дэзынфармацыя – гэта гарэлкай і трактарам лячыць патэнцыйна смяротную хваробу. Гэта кідаць у турму прадстаўнікоў этнічнай меншасці праз тое, што яны – этнічная меншасць. Гэта палярызацыя і немагчымасць дыялогу паміж намі, хоць мы – адно грамадства. Гэта хаос, паніка і недавер да інстытуцый, а адсюль і палітычны крызіс, які пагаршае ўсе сферы жыцця.
Мы не адны такія ў Беларусі. Блізкі прыклад – Украіна. Больш далёкі – ЗША. Гэта вайна і акупацыя ў адной краіне; няпраўда пра вакцыны, фэйкі пра сфальшаваныя выбары ў другой. Бяскрыўднай дэзынфармацыі не бывае.

Ганна Любакова, журналістка і кансультантка Atlantic Council.
Як мы можам супрацьстаяць дэзынфармацыі?
Ганна Любакова:
Сапраўднай інвестыцыяй у змаганне з дэзынфармацыяй я лічу павелічэнне крытычнага мыслення, хоць гэта і не прынясе ашаламляльных эфектаў адразу. Найлепшая парада, якую я калі-небудзь чула: калі занадта хочацца паверыць у інфармацыю, калі яна выклікае зашмат эмоцый – праверце яе. Верце фактам, а не адчуванням. Правярайце першакрыніцу. Стаўцеся крытычна да чагосьці, чаго вы не можаце даказаць ці пацвердзіць.
Павел Быкоўскі:
У наш час сацыяльных сетак варта перад тым, як расшарваць спасылкі на артыкулы, не арыентавацца выключна на загалоўкі, а ўсё ж чытаць тэкст да канца. Даволі часта рэдакцыі імкнуцца да клікбэйту і робяць штучна драматызаваныя загалоўкі. Важна: ці мяняе матэрыял мае перакананні? Ці падтрымлівае мае стэрэатыпы? Ці не правакуе ён мяне на эмоцыі?
Калі вы адказалі станоўча на гэтыя пытанні, то высокая верагоднасць, што вы сутыкнуліся з маніпуляцыяй. Любая навіна мусіць успрымацца з пэўным недаверам. Нават калі вы давяраеце каналу, варта задаваць сабе пытанні:
- Адкуль журналіст гэта можа ведаць?
- Ці ёсць баланс меркаванняў пры падачы канфліктнай сітуацыі?
- Ці няма домыслаў, якія выдаюцца за факты?
- Ці мае аўтар і яго рэдакцыя пэўную рэпутацыю?
Аліна Коўшык:
У інтэрнэце лёгка патануць у патоку інфармацыі, якая паступае з усіх бакоў, не заўсёды праверанай і надзейнай. У той жа час менавіта дзякуючы інтэрнэту сёння прасцей знайсці веды, якія дапамагаюць праверыць пачутае, убачанае альбо прачытанае.
Журналістка прыводзіць спіс прыкмет, якія могуць дапамагчы распазнаць дэзынфармацыю:
- Назвы, якія рэзка кідаюцца ў вочы, так званыя клікбэйты;
- Падазроны адрас альбо назва крыніцы;
- Нераўнамернае фарматаванне тэксту;
- Эмацыянальны тэкст;
- Арфаграфічныя, пунктуацыйныя і стылістычныя памылкі;
- Брак крыніц, цытат і фактаў;
- Брак аўтара тэксту;
- Вялікая колькасць абʼяў і рэкламы;
- Прапановы змоваў ці заклікі да нейкага калектыўнага адказу.
Ці ёсць нешта, што вы хацелі б сказаць людзям у Сусветны дзень свабоды прэсы?
Павел Быкоўскі:
Калі ў вас ёсць доступ да свабоднай і адказнай журналістыкі, то вы ведаеце што адбываецца. Калі пануе прынцып «тата лепей ведае, што вам можна чытаць», то лічыце, што вы не ведаеце нічога.
Аліна Коўшык:
Медыя павінны быць вольнымі. Вы, як грамадзяне, маеце права на правераную і надзейную інфармацыю.
Ганна Любакова:
Інфармацыя – гэта каштоўнасць. Гэта тое, што дазваляе нам прымаць рашэнні. Тое, што абараняе нас і вядзе наперад. Дэмакратыя, як кажуць у адной вядомай газеце, памірае ў цемры. Давайце ўключым святло.