5 асноўных пракрамлёўскіх дэзінфармацыйных наратываў
Паняцце «наратывы» часта ўзнікае ў кантэксце расійскіх і пракрамлёўскіх намаганняў па дэзінфармацыі і аказанні ўплыву.
- Наратыў — гэта агульнае паведамленне, якое перадаецца праз тэксты, выявы, метафары і іншыя сродкі. Напрыклад, пастаяннае выяўленне асобных палітыкаў як ашуканцаў у канчатковым выніку прывядзе да стварэння наратыву аб тым, што палітыкі ў цэлым з’яўляюцца карумпаванымі і хлуслівымі;
- Пракрамлёўскія дэзінфармацыйныя СМІ выкарыстоўваюць набор наратываў, якія служаць шаблонамі для асобных гісторый і могуць быць адаптаваны да мэтавай аўдыторыі. Для розных аўдыторый выкарыстоўваюцца розныя наратывы;
- Некаторыя з гэтых наратываў выкарыстоўваюцца ўжо сотні гадоў. Варыяцыі наратыву пра «загніваючы Захад» дакументуюцца пачынаючы з XIX стагоддзя.
- Наратывы могуць камбінавацца і змяняцца ў залежнасці ад бягучых падзей і пануючых поглядаў.
Далей прыводзіцца агляд пяці найбольш распаўсюджаных наратываў, якія пастаянна з’яўляюцца ў расійскіх і пракрамлёўскіх дэзінфармацыйных СМІ.

Гэты наратыў, у цэлым заснаваны на ідэі пра «злыя эліты», адарваныя ад патрэб «народа», з’яўляецца распаўсюджаным папулісцкім прыёмам, які можа набываць асаблівую сілу падчас выбарчых цыклаў. Мы бачылі гэта ўжо шмат разоў раней: партыя ці кандыдат, якія прэтэндуюць на ролю «голасу народа» ці «маўклівай большасці», выкарыстоўваюць гэты наратыў для нападак на палітычны істэблішмент і прапануюць выбаршчыкам простыя рашэнні складаных праблем. Гэты наратыў можа быць вельмі паспяховым, таму што ён дае мэтавай аўдыторыі казла адпушчэння, якога можна абвінаваціць ва ўсіх бедах: банкіраў, буйныя карпарацыі, яўрэяў, алігархаў, мусульман, брусэльскіх бюракратаў. Расійскія і пракрамлёўскія дэзінфармацыйныя СМІ шырока выкарыстоўвалі гэты наратыў напярэдадні рэферэндуму па Брэксіце ў 2016 годзе, як паказваюць наступныя два артыкулы Sputnik: «Пагроза з боку еўракратыі пагражае Еўропе» і «Waffen-ЕС». Абедзве гісторыі знайшлі моцны водгук падчас кампаніі па выхадзе з ЕС.

Сумнеў у легітымнасці выбарчага працэсу таксама з’яўляецца агульнай характарыстыкай гэтага наратыву. Sputnik, напрыклад, часта «паведамляе» пра нібыта фальсіфікацыі на выбарах, падкрэсліваючы ідэю пра тое, што эліты маніпулююць выбарамі. Вось прыклады пра Германію (на нямецкай мове), Швецыю (на рускай мове) і Украіну (на рускай мове).
Наратыў «Эліты супраць народа» мае доўгую, больш чым стагадовую гісторыю. Яго пашыральнікі сцвярджаюць, што з’яўляюцца голасам розуму і выступаюць ад імя бяспраўных грамадзян, кажучы праўду, каб дзейнічаць супраць эліт, якія імкнуцца схаваць «праўду» любой цаной. «Праўда» можа датычыцца шырокага спектра пытанняў, уключаючы міграцыю, палітыку і эканоміку, у той час як асобныя эліты, якія лічацца «вінаватымі» ва ўтойванні праўды, стратэгічна адбіраюцца ў адпаведнасці з незадаволенасцю мэтавай аўдыторыі. Сапраўды, гэты наратыў можа быць адаптаваны і прыменены да, здавалася б, бясконцай колькасці пытанняў: «Міграцыйны крызіс выкліканы буйнымі карпарацыямі, каб атрымаць танную рабочую сілу»; «Хлусня пра глабальнае пацяпленне выкарыстоўваецца банкірамі, каб адцягнуць увагу грамадскасці ад рэальных праблем». Гэты спіс не мае канца…
У канчатковым выніку, хоць гэты наратыў нібыта арыентаваны на тое, каб спачуваць звычайным людзям, яго карані насамрэч аўтарытарныя. Доказы ў пацвярджэнне гэтых ідэй прыводзяцца рэдка, і нават — у адпаведнасці з прынцыпамі канспіралагічнага мыслення — сама адсутнасць доказаў часам выкарыстоўваецца ў якасці доказу: «Паглядзіце, наколькі магутныя эліты, якія хаваюць усе сляды сваёй змовы!» Як правіла, гэты наратыў таксама патрабуе ад чытача спадзявацца выключна на словы апавядальніка: «Я ведаю праўду, вер мне!» Сапраўды, як і ўсе наратывы, заснаваныя на канспіралагічных тэорыях, гэты патрабуе ад сваёй аўдыторыі прыняць сцвярджэнні на аснове веры, а не факта.

Наратыў пра «каштоўнасці, якія знаходзяцца пад пагрозай» адаптаваны да шырокага спектра тэм і звычайна выкарыстоўваецца для аспрэчвання прагрэсіўных поглядаў Захаду на правы жанчын, этнічных і рэлігійных меншасцяў, груп ЛГБТК і іншых. Згодна з гэтым наратывам, «жанчынападобны Захад» гніе пад націскам дэкадансу, фемінізму і «паліткарэктнасці», у той час як Расія ўвасабляе традыцыйныя бацькоўскія каштоўнасці. Гэты наратыў адлюстраваны ў карыкатуры 2015 годарасійскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «РИА Новости», якая ілюструе відавочны маральны распад Еўропы: ад Гітлера да сексуальных адхіленняў і да будучыні шалёных гіен. Заснаваныя на каштоўнасцях дэзынфармацыйныя наратывы звычайна сканцэнтраваны на паняццях, якія знаходзяцца пад пагрозай, такіх як «традыцыі», «прыстойнасць» і «здаровы сэнс» — тэрмінах, што маюць пазітыўныя канатацыі, але рэдка — дакладнае значэнне. Такі наратыў стварае канструкцыю «мы супраць іх», якая сведчыць аб тым, што тыя, хто адданы традыцыйным каштоўнасцям, цяпер знаходзяцца пад пагрозай з боку тых, хто ім супрацьстаіць і замест гэтага імкнецца стварыць маральна няздольную антыўтопію. Расійскія і пракрамлёўскія дэзынфармацыйныя СМІ прасоўвалі варыяцыі гэтага наратыву напярэдадні ўсеагульных выбараў у Швецыі ў 2018 годзе, як можна бачыць тут і тут. У рускамоўных СМІ, такіх як сумна вядомая фабрыка троляў у Санкт-Пецярбургу — інфармацыйнае агенцтва «РИА ФАН», мова гэтага наратыву асабліва агрэсіўная: «Як выглядае краіна, дзе перамагла талерантнасць: дыктат геяў і лесбіянак, прыгнёт мужчын і жанчын, русафобія і страх».

У адрозненне ад заходняй канцэпцыі каштоўнасцей, якая аддае перавагу індывідуальным правам на асабістую недатыкальнасць, бяспеку і свабоду выказвання меркаванняў, расійская сістэма каштоўнасцей прадугледжвае набор калектыўных норм, якім павінен адпавядаць кожны чалавек. Тым не менш, гэты наратыў заўсёды выказваецца з пазіцыі маральнай перавагі, дзе маўклівая большасць, прыхільная да прыстойнасці і традыцыяналізму, падвяргаецца нападкам з боку ліберальнай «тыраніі». Мэтавай аўдыторыі прапануецца стаць у гераічныя шэрагі, якія адважна змагаюцца за сямейныя каштоўнасці, хрысціянства і чысціню.

Расійскія і пракрамлёўскія крыніцы дэзынфармацыі любяць сцвярджаць, што некаторыя краіны больш не з’яўляюцца сапраўды суверэннымі. Расійскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости» ілюструе гэтую ідэю карыкатурай: Дзядзька Сэм распальвае агонь на газавай пліце, прымушаючы еўрапейцаў скакаць уверх і ўніз, патрабуючы санкцый (супраць Расіі, вядома).

Існуе мноства прыкладаў такога наратыву: Украінай кіруюць чужынцы і краіны Балтыі — насамрэч не краіны. ЕС кіруецца Вашынгтонам. НАТА і ЕС пераследуюць мілітарысцкія і бюракратычныя амбіцыі, ігнаруючы інтарэсы сваіх краін-членаў і, вядома ж, сваіх грамадзян — часам нават без намеру, а проста праз некампетэнтнасць ці адарванасць ад рэальнасці. Вам вырашаць, якое тлумачэнне горш — некампетэнтнасць або злы намер.
З наратывам пра страчаны суверэнітэт цесна звязаны наратыў пра пагрозу нацыянальнай ідэнтычнасці, дзе экзістэнцыяльная небяспека зыходзіць з самых розных крыніц: іслам, геі, правы дзяцей і іншыя.
Нядаўнія падзеі паказваюць, што гэтыя наратывы могуць мець моцны ўплыў на аўдыторыю. Еўрапейскія ўрады толькі прытрымліваюцца інструкцый ад НАТА, Бруселя і Вашынгтона. Еўропа акупавана ЗША. Германія больш не суверэнная. Еўрапейскае супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі ўрадамі выяўляецца як капітуляцыя дзяржавы перад замежнымі кіраўнікамі.
Гэты наратыў паспяхова выкарыстоўваўся на некалькіх еўрапейскіх выбарах і рэферэндумах. Перакананне выбаршчыкаў у тым, што іх незадаволенасць з’яўляецца вынікам перанакіравання рэсурсаў «іншым» — чужынцам, банкірам, карпарацыям, меншасцям — аказалася эфектыўнай стратэгіяй маніпулявання. Сапраўды, у спалучэнні з распальваннем настальгіі па міфічным нацыянальным мінулым гэты наратыў з’яўляецца адной з самых разбуральных стратэгій дэзінфармацыі. Ён выкарыстоўваўся ў дачыненні да рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі, Брэксіту і на некалькіх нацыянальных выбарах.

Як згадвалася вышэй, Расія прадказвае непазбежны крах Еўропы ўжо больш за стагоддзе. Сцвярджэнне, што Еўропа або краіны-члены ЕС знаходзяцца «на парозе грамадзянскай вайны» ў 2019 годзе працуе гэтак жа добра, як і ў 1919. Гэты наратыў актыўна задзейнічаецца і звычайна знаходзіць моцны водгук у мэтавай аўдыторыі, нягледзячы на тое, што Еўропа не развалілася і па многіх паказчыках працягвае квітнець.

Гэты наратыў рэгулярна выкарыстоўваюць расійскія і пракрамлёўскія дэзінфармацыйныя СМІ: ЕС на парозе распаду, эканоміка ЗША абвальваецца, НАТА распадаецца, рух «жоўтых камізэлек» разбурае банкаўскую сістэму. Карыкатурыст «РИА Новости» апісвае тэрарызм у Еўропе як смяротнага скарпіёна, якога еўрапейцы мімаволі паклалі сабе ў кішэню.
Мэтавыя аўдыторыі, якія — абгрунтавана ці не — ужо баяцца палітычных і сацыяльных узрушэнняў у сваіх краінах, асабліва адчувальныя да гэтага наратыву.
Такім чынам, гэты наратыў асабліва добра працуе ў перыяды рэальных палітычных выклікаў, такіх як міграцыйны крызіс увосень 2015 года. Вялізны прыток мігрантаў у Еўропу, безумоўна, стаў сур’ёзнай праблемай для еўрапейскіх урадаў, але расійскія і пракрамлёўскія СМІ апісвалі сітуацыю ў вельмі драматычным і апакаліптычным тоне, паведамляючы пра крызіс так, быццам ён уяўляе сабой сістэмны крах. Вядома, сістэма захавалася некранутай, але вобраз абвалу захоўваецца.
Той жа падыход назіраецца ў расійскім і пракрамлёўскім асвятленні пратэстаў «жоўтых камізэлек» у Францыі. Права выказваць незадаволенасць урадам і палітыкай з’яўляецца неад’емнай часткай дэмакратыі, і грамадзяне любой еўрапейскай дзяржавы маюць права на мірны пратэст. Рух «жоўтых камізэлек» належыць да еўрапейскай дэмакратычнай традыцыі і не з’яўляецца доказам краху сістэмы.
Гэты наратыў таксама часам выкарыстоўваецца, каб наракаць на меркаваны крах еўрапейскіх маральных каштоўнасцей і традыцый. Расійскія і пракрамлёўскія дэзынфармацыйныя СМІ, напрыклад, рэгулярна апісваюць правы дзяцей у Еўропе як замах на сямейныя каштоўнасці. Еўропа памірае, бо адмовілася ад усіх нормаў прыстойнасці і маралі.

Апошнім сродкам дэзінфармацыі, звычайна пры сутыкненні з пераканаўчымі доказамі ці аргументамі, з’яўляецца жарт на гэтую тэму. Выдатным прыкладам гэтай стратэгіі з’яўляецца «справа Скрыпаля». Расійскія і пракрамлёўскія дэзінфармацыйныя СМІ паспрабавалі заглушыць спробу замаху сарказмам, каб ператварыць усю трагедыю ў адзін вялікі жарт. У больш агульным плане, у дачыненні да выбараў гэты метад прадугледжвае выкарыстанне розных прыніжальных слоў, каб абясцэніць канцэпцыю дэмакратыі, дэмакратычныя працэдуры і кандыдатаў. Памочнік Крамля Уладзіслаў Суркоў апісвае канцэпцыю дэмакратыі як «барацьбу нягоднікаў» і замест гэтага рэкамендуе «дасведчанае кіраванне» Уладзіміра Пуціна ў якасці альтэрнатывы для Еўропы. У пракрамлёўскіх СМІ практычна пастаянна высмейваецца прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і ўвесь выбарчы працэс ва Украіне. У расійскіх федэральных СМІ выбары з некалькімі кандыдатамі і без відавочнага выніку апісваюцца як цырк.

Безумоўна, сатыра, гумар і пародыя — неад’емныя кампаненты грамадскага дыскурсу. Права адпускаць жарты ў адрас палітыкаў ці жартаваць пра бюракратаў важнае для жыццяздольнасці любой дэмакратыі. Таму іранічна выглядае тое, што расійскія і пракрамлёўскія дэзінфармацыйныя СМІ часта спрабуюць прыкрыць сваю антызаходнюю хлусню і падман завесай сатыры, заяўляючы, што гэта — іх права на свабоду слова, але ў той жа час агрэсіўна адмаўляюцца цярпець любую сатыру, якая крытыкуе Крэмль ці падрывае яго палітычныя намаганні. Прыкладам такой крывадушнасці з’яўляецца забарона Расіяй брытанскай камедыі 2018 года «Смерць Сталіна».
У 2017 годзе Цэнтр перадавога вопыту НАТА ў галіне стратэгічнай камунікацыі (NATO’s StratCom Centre of Excellence) апублікаваў даклад пра тое, як расійскія і пракрамлёўскія дэзынфармацыйныя СМІ выкарыстоўваюць гумар для дыскрэдытацыі заходніх палітычных лідэраў. Адзін з яго аўтараў, латвійская вучоная Солвіта Дэніс-Ліепніцэ (Solvita Denise-Liepnice), прапанавала тэрмін «хахаганда» для абазначэння гэтага асобнага віду дэзінфармацыі, заснаванага на высмейванні інстытутаў і палітыкаў. Мэта «хахаганды» заключаецца не ў тым, каб пераканаць аўдыторыю ў праўдзівасці канкрэтнага жарту, а ў тым, каб падарваць аўтарытэт і давер да гэтага аб’екта з дапамогай пастаянных насмешак і знявагі.

Як мы бачым, гэтыя пяць наратываў цесна звязаныя паміж сабой і падзяляюць агульную тэму пазбаўлення праў намаганнямі «злых эліт». Нацыянальныя ўрады з’яўляюцца слабымі і неэфектыўнымі; грамадзяне пазбаўляюцца праў, а іх традыцыям пагражае знішчэнне — і чыімі рукамі? Брусэльскіх бюракратаў, карпаратыўных бізнэсменаў, ценявых кіраўнікоў і, вядома ж, фашыстаў! У адрозненне ад гэтага хаосу, неабароненасці і маральнага распаду ў Еўропе і на Захадзе, Расія паўстае крыніцай бацькоўскай бяспекі і стабільнасці. Фактычна, галоўныя расійскія рупары нават абараняюць расійскі рэжым «дасведчанага аўтарытарызму» як ідэальную палітычную сістэму будучыні.
Яшчэ адной агульнай рысай гэтых асноўных наратываў з’яўляецца тое, што яны нападаюць на заходнія дэмакратычныя інстытуты і прававыя сістэмы, каб прасоўваць недавер і сацыяльную фрагментацыю з канчатковай мэтай падрыву дэмакратыі. Гэтая стратэгія культывавання недаверу заклікана пераканаць грамадзян у марнасці іх удзелу ў дэмакратычным працэсе: галасаванне не мае сэнсу, бо сістэма «наладжана» на карысць эліт і толькі эксплуатуе простых грамадзян. Такім чынам, дэмакратыя падаецца як фарс, які да таго ж неэфектыўны і дрэнна падыходзіць для вырашэння сучасных праблем.
